Г. М. Валочка В. У. Зелянко icon

Г. М. Валочка В. У. Зелянко



НазваниеГ. М. Валочка В. У. Зелянко
Дата конвертации21.09.2012
Размер90.51 Kb.
ТипДокументы
источник


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі


Г. М. Валочка

В. У. Зелянко


ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС


Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў

для V – IX класаў агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання


Мінск 2010

Тлумачальная запіска

З 1 верасня 2010 г. уступае ў дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 г. і падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 г. Міністэрствам адукацыі вызначаны пераходны перыяд па рэалізацыі палажэнняў Закона – 3 гады (з верасня 2010 г. да жніўня 2013 г.). Праграма прызначана для арганізацыі і правядзення факультатыўных заняткаў па беларускай мове ў пераходны перыяд і можа быць выкарыстана ў V – IX класах.

Арфаграфічная пісьменнасць з’яўляецца адным з паказчыкаў маўленчай і агульнай культуры чалавека. Для таго каб авалодаць арфаграфіяй, неабходныя добра развіты маўленчы слых, веданне граматыкі, валоданне аналітыка-сінтэтычнымі ўменнямі, дастатковы запас лексікі, развітыя памяць, мысленне.

Праца па арфаграфіі можа праходзіць паспяхова толькі тады, калі яна праводзіцца ў непарыўным адзінстве з вывучэннем фанетыкі, лексікі, словаўтварэння, граматыкі, развіццём маўлення вучняў. Недахопы ў арфаграфічнай пісьменнасці, як правіла, сведчаць пра недастатковае развіццё маўлення вучняў, неразуменне імі значэнняў слоў, іх частак, сэнсавых і граматычных адносін паміж словамі. Таму паслабленне ўвагі да любога ўзроўню моўнай сістэмы ўплывае на фарміраванне канкрэтных маўленчых уменняў, у прыватнасці арфаграфічных уменняў і навыкаў.

Ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму навучанне арфаграфіі беларускай мовы павінна арыентавацца на пераадоленне міжмоўнай інтэрферэнцыі, у прыватнасці на размежаванне фанетычнага прынцыпу беларускага правапісу і марфалагічнага прынцыпу рускай арфаграфіі (бел. жыццярадасны – рус. жизнерадостный).

^ Мэта прапанаваных факультатыўных заняткаў заключаецца ў павышэнні арфаграфічнай пісьменнасці вучняў, развіцці культуры пісьма.

Задачы факультатыўных заняткаў:

  • замацаваць, паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў па арфаграфіі беларускай мовы з апорай на веды па іншых раздзелах (фанетыка, лексіка, склад слова і словаўтварэнне, граматыка, тэкст);

  • удасканальваць арфаграфічную пісьменнасць вучняў;

  • сфарміраваць разуменне таго, што арфаграфічная пісьменнасць з’яўляецца адным з паказчыкаў маўленчай і агульнай культуры асобы, сведчыць пра адукаванасць чалавека.

Тэарэтычны матэрыял, вывучаны ў папярэдніх класах, паўтараецца на факультатыўных занятках шляхам арганізацыі падагульняльных гутарак і арфаграфічнага разбору слоў, які прадугледжвае выяўленне ўзаемасувязі фанетычнай і (або) марфалагічнай характарыстык слова з яго правапісам. Пры выкананні разнастайных відаў моўнага разбору ўзмацняецца іх практычная накіраванасць на авалоданне арфаграфічнай пісьменнасцю: аналізуючы фанетычны склад слова, вучань указвае магчымыя варыянты яго пераносу, называе арфаграмы, якія падпарадкоўваюцца фанетычнаму, марфалагічнаму прынцыпам правапісу; пры марфемным, словаўтваральным і марфалагічным разборы слоў тлумачацца асаблівасці іх напісання, абумоўленыя марфемнай будовай (напрыклад, пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычны, перад літарамі е, ё, ю, я, і пішацца апостраф: без’языкі), словаўтварэннем (напрыклад, пішуцца праз злучок словы, утвораныя шляхам паўтору: ціха-ціха).

Праца па арфаграфіі праводзіцца паралельна з працай над тэкстам [у форме тлумачэння арфаграм, спісвання (выбарачнага, ускладненага і інш.), групоўкі прыкладаў на пэўныя правілы арфаграфіі і да т. п.].

Сістэматызацыя ведаў па арфаграфіі і ўдасканаленне на гэтай аснове адпаведных уменняў і навыкаў прадугледжвае выкарыстанне на факультатыўных занятках разнастайных метадаў і прыёмаў:

  • арфаграфічны разбор слоў, які праводзіцца ў наступнай паслядоўнасці:

  1. запіс слова, абазначэнне націску, падкрэсліванне арфаграм;

  2. вызначэнне тыпу арфаграмы (якому правілу падпарадкоўваецца);

  3. фармулёўка правіла, падбор прыкладаў слоў на гэтае правіла;

  4. указанне прынцыпу напісання;

  • пабудова абагульняльных схем і складанне табліц (напрыклад, схема “Правапіс спалучэнняў зычных на стыку марфем”, табліца “Правапіс і вымаўленне звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых зычных”);

  • семантычны аналіз выказвання і пошук неабходных пісьмовых сродкаў для выражэння сэнсу (напрыклад, Белае возера – назва возера, Белы Двор – назва вёскі);

  • праца з арфаграфічнымі слоўнікамі і даведнікамі;

  • арфаграфічны аналіз структурна-семантычных схем слоў (або словаўтваральных мадэлей), які развівае здольнасць прадбачыць арфаграфічныя цяжкасці, абумоўленыя марфемнай будовай слова;

  • пабудова алгарытмаў дзеянняў па размежаванні моўных з’яў (напрыклад, алгарытм “Мяккі знак у прыметніках перад суфіксам
    -ск-”) з наступным выкананнем практыкаванняў на іх аснове;

  • выкананне тэставых заданняў па арфаграфіі і інш.

^ Змест праграмы

(35 гадзін на год)

Уводзіны

(1 гадзіна)

Арфаграфія як сістэма агульнапрынятых правіл напісання слоў і іх формаў. Прынцыпы сучаснай беларускай арфаграфіі: фанетычны прынцып, яго апора на беларускае літаратурнае вымаўленне; марфалагічны прынцып, яго значэнне для хуткага разумення і асэнсавання напісанага; традыцыйныя і дыферэнцыйныя напісанні.

Замацаванне арфаграфічных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў арфаграфічных слоўніках і даведніках.

^ Правапіс галосных

(10 гадзін)

Правапіс галосных о, э, а. Роля націску пры напісанні о, э, а. Адлюстраванне на пісьме чаргаванняў [ро] – [ры], [ло] – [лы] (бровы – брыво, глотка – глытаць). Перадача на пісьме ненаціскнога [э] ў запазычаных словах (экзамен, рэкорд).

Правапіс галосных е, ё, я. Роля націску пры выбары арфаграм е – я. Нарматыўнае вымаўленне часціцы не (не сеяў – не пасеяў), прыназоўніка без (без солі – без вады).

Правапіс галосных о, э, а, е, ё, я ў складаных словах. Роля націску ў другой частцы складанага слова пры праверцы арфаграм оа, ёе ў першай частцы (добразычлівы – дабраякасны, лёгкаатлетычны – легкадумны). Умовы выбару злучальных галосных о, ё, а, е, я (ільновалакно, баяздольны).

Правапіс спалучэнняў галосных іё (ыё), ія (ыя), іе (ые), іо (іа), ео (еа), эо (эа) у іншамоўных словах. Напісанне іо (іа) у пачатку слоў (іон, іанізацыя). Перадача гукавога спалучэння [й] з галоснымі ў словах іншамоўнага паходжання ётаванымі галоснымі (маянэз, ёгурт, Нью-Ёрк).

Правапіс прыстаўных галосных і, а.

Правапіс літар і, ы, й.

Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс галосных. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

^ Правапіс зычных

(10 гадзін)

Правапіс і вымаўленне звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых зычных.

Правапіс спалучэнняў зычных на стыку кораня і суфікса, прыстаўкі і кораня.

Правапіс д і дз, т і ц. Захаванне д у складзе прыстаўкі і т у складзе суфікса перад мяккім [в’] (адвезці, у агенцтве). Напісанне дз, ц перад суфіксамі (спалучэннямі) -ін-, -ір-, -ік-, -ёр-, -еец-, -ейск- (камандзір, білецёр, гвардзейскі). Дз і ц у некаторых словах іншамоўнага паходжання (бардзюр, уверцюра).

Правапіс падоўжаных зычных. ^ Адсутнасць падвоеных літар у запазычаных словах (тэрыторыя, піца).

Правапіс слоў, у якіх адбылося спрашчэнне спалучэнняў зычных здн – зн; згн – зн; стн, сцн – сн; скн – сн; стл, сцл – сл; рдн – рн (праязны, кантрасны, міласэрны).

Правапіс прыстаўных і ўстаўных літар в, г.

Правапіс літар у, ў.

Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс зычных. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

^ Правапіс мяккага знака і апострафа

(3 гадзіны)

Змякчальны мяккі знак як сродак абазначэння мяккасці папярэдняга зычнага.

Правапіс раздзяляльнага мяккага знака і апострафа. ^ Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс мяккага знака і апострафа. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

Ужыванне вялікай і малой літар

(4 гадзіны)

Вялікая і малая літары ў асабовых назвах; у прыметніках, утвораных ад асабовых назваў; у геаграфічных і астранамічных назвах.

Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый; у найменнях пасад і званняў.

Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод; у назвах дакументаў, унікальных прадметаў, твораў.

Вялікая і малая літары ў назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў.

^ Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць ужыванне вялікай і малой літар.

Агульныя правілы напісання слоў разам і праз злучок

(2 гадзіны)

^ Правілы пераносу слоў

(1 гадзіна)

Падагульненне вывучанага

(4 гадзіны)

Падагульняльны тэст па арфаграфіі і яго аналіз.


Прагназуемыя вынікі

Вучні павінны ведаць:

  • сістэму правіл беларускай арфаграфіі;

  • прынцыпы беларускай арфаграфіі;

  • арфаграфічныя слоўнікі і даведнікі беларускай мовы.

Вучні павінны ўмець:

  • захоўваць арфаграфічныя нормы ва ўласных выказваннях;

  • размяжоўваць фанетычныя, марфалагічныя, традыцыйныя, дыферэнцыйныя напісанні;

  • выяўляць асаблівасці слоў (фанетычныя, структурныя, марфалагічныя, семантычныя), ад якіх залежыць выбар арфаграмы;

  • карыстацца арфаграфічнымі слоўнікамі і даведнікамі;

  • аналізаваць асаблівасці ўжывання адзінак мовы ў пісьмовым маўленні з пункту погляду захавання арфаграфічных нормаў;

  • авалодаць разнастайнымі прыёмамі прымянення правіл; адрозніваць націскныя і ненаціскныя склады; правільна ўспрымаць фанетычны і марфемны склад слова; кваліфікаваць ролю слова ў словазлучэнні, сказе і тэксце.

Літаратура

  1. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мінск : Нац. цэнтр прававой інфарм. Рэсп. Беларусь, 2008. – 144 с.

  2. Бадзевіч, З. І.  Вывучаем новую рэдакцыю правілаў беларускага правапісу / З. І. Бадзевіч // Репетитор. – 2010. – № 4.

  3. Дзятко, Д. Беларускі правапіс і граматыка : Тэорыя і заданні для школьнікаў / Д. Дзятко, Н. Радзіваноўская, В. Урбан // Роднае слова. – 2010. – № 7.

  4. Iўчанкаў, В. Беларускi правапiс : з дваццатага стагоддзя – у дваццаць першае / В. Iўчанкаў // Роднае слова. – 2009. – № 2.

  5. Іўчанкаў, В. І.  Пра змены ў беларускім правапісе / В. І. Іўчанкаў // Беларуская мова і літаратура. – 2009. – № 1.

  6. Іўчанкаў, В. І. Сучасны беларускі правапіс : семінар-практыкум / В. І. Іўчанкаў // Беларуская мова і літаратура. – 2009. – № 11; 2010. – №№ 2, 4.

  7. Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс : Гісторыя і сучаснасць / В.І. Іўчанкаў // Беларускі гістарычны часопіс. – 2009. – № 7.

  8. Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс будзе рэгулявацца законам : урокі беларускага правапісу / В. І Іўчанкаў // Настаўніцкая газета. – 2009. – №№ 121, 125, 128, 131, 134, 137, 141, 143, 146, 150, 154, 157, 160-161, 165-166; 2010. – №№ 3, 6, 11, 15, 18, 22, 25, 28, 31, 34, 37, 40, 43, 46, 49, 52 [публікацыя працягваецца].

  9. Iўчанкаў, В. Беларускi правапiс у апорных схемах / В. Iўчанкаў // Роднае слова. – 2010. – №№ 5 – 7 [публікацыя працягваецца].

  10. Іўчанкаў, В. І. Беларуская арфаграфія : Апавяданні і гісторыі / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : Пачатковая школа, 2010.

  11. Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс у апорных схемах : Паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : Пачатковая школа, 2010.

  12. Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. / навук. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск : Беларус. навука, 2007. – Ч. 1. – 351 с.

  13. Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. / навук. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск : Беларус. навука, 2009. – Ч. 2. – 240 с.

  14. Лукашанец, А. Вывучаем новыя правілы беларускага правапісу / А. Лукашанец, Л. Кунцэвіч, І. Кандраценя // Роднае слова. – 2009. – №№ 1 – 12; 2010. – №№ 1 – 4.

  15. Пішам па-беларуску : даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі / З. І. Бадзевіч [і інш.]. – Мінск : Аверсэв, 2010.

  16. Раманцэвіч, В. Слоўнікавыя практыкаванні як сродак навучання роднай мове : новая рэдакцыя правіл беларускага правапісу / В. Раманцэвіч, М. Прыгодзіч // Роднае слова. – 2010. – №№ 4, 6.

  17. Савіцкая, І. Беларускі правапіс : Дыдактычны матэрыял / І. Савіцкая // Роднае слова. – 2010. – № 6.


Слоўнік

Беларускі арфаграфічны слоўнік / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Л. П. Кунцэвіч, І. У. Кандраценя; пад рэд. А. А. Лукашанца. – Мінск : Беларус. навука, 2009. – 695 с.






Похожие:

Г. М. Валочка В. У. Зелянко iconГ. М. Валочка В. У. Зелянко
Арфаграфічная пісьменнасць з’яўляецца адным з паказчыкаў маўленчай І агульнай культуры чалавека. Для таго каб авалодаць арфаграфіяй,...
Г. М. Валочка В. У. Зелянко iconГ. М. Валочка, С. А. Язерская
Мэта факультатыўных заняткаў – павысіць увагу вучняў да асноўнай моўнай І маўленчай адзінкі – слова як асновы для стварэння тэксту,...
Разместите кнопку на своём сайте:
Документы


База данных защищена авторским правом ©lib2.podelise.ru 2000-2013
При копировании материала обязательно указание активной ссылки открытой для индексации.
обратиться к администрации
Документы