Г. М. Валочка В. У. Зелянко icon

Г. М. Валочка В. У. Зелянко



НазваниеГ. М. Валочка В. У. Зелянко
Дата конвертации21.09.2012
Размер118.14 Kb.
ТипДокументы
источник


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі


Г. М. Валочка

В. У. Зелянко


ПРАКТЫКУМ ПА АРФАГРАФІІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ


Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў

для X – ХІ класаў агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання


Мінск 2010

Тлумачальная запіска

Арфаграфічная пісьменнасць з’яўляецца адным з паказчыкаў маўленчай і агульнай культуры чалавека. Для таго каб авалодаць арфаграфіяй, неабходныя

добра развіты маўленчы слых, веданне граматыкі, валоданне аналітыка-сінтэтычнымі ўменнямі, дастатковы запас лексікі, развітыя памяць, мысленне.

Праца па арфаграфіі можа праходзіць паспяхова толькі тады, калі яна праводзіцца ў непарыўным адзінстве з вывучэннем фанетыкі, лексікі, словаўтварэння, граматыкі, развіццём маўлення вучняў. Недахопы ў арфаграфічнай пісьменнасці, як правіла, сведчаць пра недастатковае развіццё маўлення вучняў, неразуменне імі значэнняў слоў, іх частак, сэнсавых і граматычных адносін паміж словамі. Таму паслабленне ўвагі да любога ўзроўню моўнай сістэмы ўплывае на фарміраванне канкрэтных маўленчых уменняў, у прыватнасці арфаграфічных уменняў і навыкаў.

Ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму навучанне арфаграфіі беларускай мовы павінна арыентавацца на пераадоленне міжмоўнай інтэрферэнцыі, у прыватнасці на размежаванне фанетычнага прынцыпу беларускага правапісу і марфалагічнага прынцыпу рускай арфаграфіі (бел. жыццярадасны – рус. жизнерадостный).

^ Мэта прапанаваных факультатыўных заняткаў заключаецца ў павышэнні арфаграфічнай пісьменнасці вучняў, развіцці культуры пісьма.

Задачы факультатыўных заняткаў:

  • замацаваць, паглыбіць і сістэматызаваць веды вучняў па арфаграфіі беларускай мовы з апорай на веды па іншых раздзелах (фанетыка, лексіка, састаў слова і словаўтварэнне, граматыка, тэкст);

  • удасканальваць арфаграфічную пісьменнасць вучняў;

  • сфарміраваць разуменне таго, што арфаграфічная пісьменнасць з’яўляецца адным з паказчыкаў маўленчай і агульнай культуры асобы, сведчыць пра адукаванасць чалавека.

Тэарэтычны матэрыял, вывучаны ў папярэдніх класах, паўтараецца на факультатыўных занятках шляхам арганізацыі падагульняльных гутарак і арфаграфічнага разбору слоў, які прадугледжвае выяўленне ўзаемасувязі фанетычнай і (або) марфалагічнай характарыстык слова з яго правапісам. Пры выкананні разнастайных відаў моўнага разбору ўзмацняецца іх практычная накіраванасць на авалоданне арфаграфічнай пісьменнасцю: аналізуючы фанетычны склад слова, вучань указвае магчымыя варыянты яго пераносу, называе арфаграмы, якія падпарадкоўваюцца фанетычнаму, марфалагічнаму прынцыпам правапісу; пры марфемным, словаўтваральным і марфалагічным разборы слоў тлумачацца асаблівасці іх напісання, абумоўленыя марфемнай будовай (напрыклад, пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычны, перад літарамі е, ё, ю, я, і пішацца апостраф: безязыкі), словаўтварэннем (напрыклад, разам пішуцца прыслоўі, утвораныя спалучэннем прыназоўніка у з поўнымі прыметнікамі: усляпую), граматычным значэннем (напрыклад, адрозніваюцца ў напісанні канчаткі дзеясловаў 2-й асобы множнага ліку будучага простага часу абвеснага ладу і канчаткі дзеясловаў 2-й асобы множнага ліку загаднага ладу: потым адпачняце – крыху адпачніце).

Праца па арфаграфіі праводзіцца паралельна з працай над тэкстам [у форме тлумачэння арфаграм, спісвання (выбарачнага, ускладненага і інш.), групоўкі прыкладаў на пэўныя правілы арфаграфіі і да т. п.].

Сістэматызацыя ведаў па арфаграфіі і ўдасканаленне на гэтай аснове адпаведных уменняў і навыкаў прадугледжвае выкарыстанне на факультатыўных занятках разнастайных метадаў і прыёмаў:

  • арфаграфічны разбор слоў, які праводзіцца ў наступнай паслядоўнасці:

  1. запіс слова, абазначэнне націску, падкрэсліванне арфаграм;

  2. вызначэнне тыпу арфаграмы (якому правілу падпарадкоўваецца);

  3. фармулёўка правіла, падбор прыкладаў слоў на гэтае правіла;

  4. указанне прынцыпу напісання;

  • пабудова абагульняльных схем і складанне табліц (напрыклад, схема “Правапіс спалучэнняў зычных на стыку марфем”, табліца “Асабовыя канчаткі дзеясловаў І і ІІ спражэння”);

  • семантычны аналіз выказвання і пошук неабходных пісьмовых сродкаў для выражэння сэнсу [напрыклад, некаторыя назоўнікі 2-га скланення мужчынскага роду ў родным склоне могуць ужывацца як з канчаткам
    (-я)
    , так і з канчаткам -у (-ю), выбар якога залежыць ад значэння назоўніка: у канцы лістапада (назва месяца) – пара залатога лістападу (з’ява прыроды) і пад.];

  • праца з арфаграфічнымі слоўнікамі і даведнікамі;

  • арфаграфічны аналіз структурна-семантычных схем слоў (або словаўтваральных мадэлей), які развівае здольнасць прадбачыць арфаграфічныя цяжкасці, абумоўленыя марфемнай будовай слова:
    галосная іць (інф. зак. тр.) – й ва ць (інф. незак. тр.)
    (калі ў неазначальнай форме дзеяслоў закончанага трывання на -іць мае папярэдні галосны, то ў незакончаным трыванні ўжываецца суфікс -ва-, а замест і вымаўляецца і пішацца й: абнадзеіць – абнадзейваць, супакоіць – супакойваць);

  • пабудова алгарытмаў дзеянняў па размежаванні моўных з’яў (напрыклад, алгарытмы “Мяккі знак у прыметніках перад суфіксам
    -ск-”; “Правапіс склонавых канчаткаў назоўнікаў агульнага роду”) з наступным выкананнем практыкаванняў на іх аснове;

  • выкананне тэставых заданняў па арфаграфіі і марфалогіі і інш.

Асаблівую актуальнасць прапанаваныя факультатыўныя заняткі набываюць у сувязі з уступленнем у сілу з 1 верасня 2010 г. Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятага Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 г., адобранага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 г. і падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 г. Актуальнасць заняткаў тлумачыцца змяненнем і ўдакладненнем некаторых правапісных нормаў сучаснай беларускай мовы, засвоеных вучнямі ў папярэдніх класах: пашырэннем прынцыпу перадачы акання пры напісанні запазычаных слоў (трыа, адажыа, Токіа); пашырэннем напісання нескладовага ў у большасці слоў іншамоўнага паходжання (ва ўніверсітэце, фаўна); спрашчэннем правілаў пераносу слоў і інш.


Змест праграмы

(35 гадзін на год)

Уводзіны

(1 гадзіна)

Арфаграфія як сістэма агульнапрынятых правіл напісання слоў і іх формаў. Прынцыпы сучаснай беларускай арфаграфіі: фанетычны прынцып, яго апора на беларускае літаратурнае вымаўленне; марфалагічны прынцып, яго значэнне для хуткага разумення і асэнсавання напісанага; традыцыйныя і дыферэнцыйныя напісанні.

Замацаванне арфаграфічных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў арфаграфічных слоўніках і даведніках.

^ Правапіс галосных

(5 гадзін)

Правапіс галосных о, э, а. Роля націску пры напісанні о, э, а. Адлюстраванне на пісьме чаргаванняў [ро] – [ры], [ло] – [лы] (бровы – брыво, глотка – глытаць). Перадача на пісьме ненаціскнога [э] ў запазычаных словах (экзамен, рэкорд).

Правапіс галосных е, ё, я. Роля націску пры выбары арфаграм е – я. Нарматыўнае вымаўленне часціцы не (не сеяў – не пасеяў), прыназоўніка без (без солі – без вады).

Правапіс галосных о, э, а, е, ё, я ў складаных словах. Роля націску ў другой частцы складанага слова пры праверцы арфаграм оа, ёе ў першай частцы (добразычлівы – дабраякасны, лёгкаатлетычны – легкадумны). Умовы выбару злучальных галосных о, ё, а, е, я (ільновалакно, баяздольны).

Правапіс спалучэнняў галосных іё (ыё), ія (ыя), іе (ые), іо (іа), ео (еа), эо (эа) у іншамоўных словах. Напісанне іо (іа) у пачатку слоў (іон, іанізацыя). Перадача гукавога спалучэння [й] з галоснымі ў словах іншамоўнага паходжання ётаванымі галоснымі (маянэз, ёгурт, Нью-Ёрк).

Правапіс прыстаўных галосных і, а.

Правапіс літар і, ы, й пасля прыставак.

Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс галосных. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

^ Правапіс зычных

(6 гадзін)

Правапіс і вымаўленне звонкіх і глухіх, шыпячых і свісцячых зычных.

Правапіс спалучэнняў зычных на стыку кораня і суфікса, прыстаўкі і кораня.

Правапіс д і дз, т і ц. Захаванне д у складзе прыстаўкі і т у складзе суфікса перад мяккім [в’] (адвезці, у агенцтве). Напісанне дз, ц перад суфіксамі (спалучэннямі) -ін-, -ір-, -ік-, -ёр-, -еец-, -ейск- (камандзір, білецёр, гвардзейскі). Дз і ц у некаторых словах іншамоўнага паходжання (бардзюр, уверцюра).

Правапіс падоўжаных зычных. ^ Адсутнасць падвоеных літар у запазычаных словах (тэрыторыя, піца).

Правапіс слоў, у якіх адбылося спрашчэнне спалучэнняў зычных здн – зн; згн – зн; стн, сцн – сн; скн – сн; стл, сцл – сл; рдн – рн (праязны, кантрасны, міласэрны).

Правапіс прыстаўных і ўстаўных літар в, г.

Правапіс літар у, ў.

Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс зычных. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

^ Правапіс мяккага знака і апострафа

(2 гадзіны)

Змякчальны мяккі знак як сродак абазначэння мяккасці папярэдняга зычнага.

Правапіс раздзяляльнага мяккага знака і апострафа. ^ Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс мяккага знака і апострафа. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

Ужыванне вялікай і малой літар

(2 гадзіны)

Вялікая і малая літары ў асабовых назвах; у прыметніках, утвораных ад асабовых назваў; у геаграфічных і астранамічных назвах; у назвах дзяржаўных органаў і іншых арганізацый; у найменнях пасад і званняў.

Вялікая і малая літары ў назвах дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў, рэліквій, дзяржаўных узнагарод; у назвах дакументаў, унікальных прадметаў, твораў; у назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, святаў.

^ Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць ужыванне вялікай і малой літар.

Правапіс назоўнікаў

(5 гадзін)

Напісанне складаных назоўнікаў разам і праз злучок. ^ Апазнавальныя прыметы злітных і паўзлітных напісанняў. Умовы выбару дэфісных напісанняў назоўнікаў з аднаслоўным прыдаткам (дзяўчына-красуня – красуня дзяўчына).

Правапіс суфіксаў назоўнікаў -ец- (-ац-), -іц- (-ыц-), -ічк- (-ычк-), -ечк-
(-ачк-), -ак- (-ек-), -ік- (-ык-).

Нарматыўнае ўжыванне склонавых формаў назоўнікаў 1-га скланення (давальны і месны склоны адзіночнага ліку); назоўнікаў 2-га скланення мужчынскага роду (родны і месны склоны адзіночнага ліку); назоўнікаў 3-га скланення (творны склон адзіночнага ліку); рознаскланяльных назоўнікаў; назоўнікаў множнага ліку (родны і творны склоны). Скланенне назоўнікаў, якія абазначаюць імёны, прозвішчы і назвы населеных пунктаў на -оў (-ова), -ёў (-ёва), -аў (-ава), -ін (-іна), -ын (-ына) (творны склон адзіночнага ліку).

Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс канчаткаў назоўнікаў. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

^ Правапіс прыметнікаў

(2 гадзіны)

Напісанне складаных прыметнікаў разам і праз злучок.

Правапіс суфіксаў прыметнікаў -еньк- (-аньк-, -эньк-); -энн- (-енн-); -еў
(-ев-)
, -аў (-ав-), -оў (-ов-), -ёў (-ёв-). Нарматыўнае ўжыванне склонавых формаў прыметнікаў.

Правапіс лічэбнікаў

(2 гадзіны)

Нарматыўнае ўжыванне склонавых формаў колькасных, парадкавых, зборных, дробавых лічэбнікаў. Нарматыўная пабудова колькасна-іменных спалучэнняў.

^ Правапіс займеннікаў

(1 гадзіна)

Нарматыўная пабудова словазлучэнняў і сказаў са склонавымі формамі займеннікаў ты, сябе, сам, самы, ніхто, нішто, нехта, нешта і інш.

Правапіс дзеясловаў

(3 гадзіны)

Правапіс суфіксаў дзеясловаў. Ужыванне дзеяслоўнага суфікса -ірава-
(-ырава-)
.

Нарматыўнае ўжыванне асабовых дзеясловаў І і ІІ спражэння, рознаспрагальных дзеясловаў. Ужыванне і правапіс дзеясловаў загаднага ладу.

Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс суфіксаў дзеясловаў, асабовых канчаткаў дзеясловаў. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

Правапіс суфіксаў дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў. Захаванне на пісьме галоснай я дзеяслоўнай асновы пры ўтварэнні дзеепрыметнікаў ад дзеясловаў на
-яць (пасеяць – пасеяны). Выбар суфікса дзеепрыслоўя незакончанага трывання ў залежнасці ад спражэння ўтваральнага дзеяслова.


Нарматыўнае ўжыванне дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў.

^ Правапіс прыслоўяў

(1 гадзіна)

Напісанне прыслоўяў разам і праз злучок. Правапіс блізкіх да прыслоўяў спалучэнняў назоўнікаў з прыназоўнікамі. Адрозненне прыслоўяў ад аманімічных спалучэнняў назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў, лічэбнікаў з прыназоўнікамі.

Цяжкія выпадкі ў прымяненні арфаграфічных правіл, якія рэгулююць правапіс прыслоўяў. Вызначэнне правапісу такіх слоў па слоўніку.

^ Правапіс службовых часцін мовы

(2 гадзіны)

Правапіс асобна, разам, праз злучок прыназоўнікаў, злучнікаў, часціц.

Значэнне часціц не і ні. Правапіс не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы.

Правілы пераносу слоў

(1 гадзіна)

Падагульненне вывучанага

(2 гадзіны)

Падагульняльны тэст па арфаграфіі і марфалогіі і яго аналіз.


Прагназуемыя вынікі

Вучні павінны ведаць:

  • сістэму правіл беларускай арфаграфіі;

  • прынцыпы беларускай арфаграфіі;

  • арфаграфічныя слоўнікі і даведнікі беларускай мовы.

Вучні павінны ўмець:

  • захоўваць арфаграфічныя і граматычныя нормы ва ўласных выказваннях;

  • размяжоўваць фанетычныя, марфалагічныя, традыцыйныя, дыферэнцыйныя напісанні;

  • выяўляць асаблівасці слоў (фанетычныя, структурныя, марфалагічныя, семантычныя), ад якіх залежыць выбар арфаграмы;

  • карыстацца арфаграфічнымі слоўнікамі і даведнікамі;

  • аналізаваць асаблівасці ўжывання адзінак мовы ў пісьмовым маўленні з пункту погляду захавання арфаграфічных і граматычных нормаў;

  • валодаць разнастайнымі прыёмамі прымянення правіл; адрозніваць націскныя і ненаціскныя склады; правільна ўспрымаць фанетычны і марфемны састаў слова; кваліфікаваць ролю слова ў словазлучэнні, сказе і тэксце.



Літаратура

  1. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мінск : Нац. цэнтр прававой інфарм. Рэсп. Беларусь, 2008. – 144 с.

  2. Бадзевіч, З. І.  Вывучаем новую рэдакцыю правілаў беларускага правапісу / З. І. Бадзевіч // Репетитор. – 2010. – № 4.

  3. Дзятко, Д. Беларускі правапіс і граматыка : Тэорыя і заданні для школьнікаў / Д. Дзятко, Н. Радзіваноўская, В. Урбан // Роднае слова. – 2010. – № 7.

  4. Iўчанкаў, В. Беларускi правапiс : з дваццатага стагоддзя – у дваццаць першае / В. Iўчанкаў // Роднае слова. – 2009. – № 2.

  5. Іўчанкаў, В. І.  Пра змены ў беларускім правапісе / В. І. Іўчанкаў // Беларуская мова і літаратура. – 2009. – № 1.

  6. Іўчанкаў, В. І. Сучасны беларускі правапіс : семінар-практыкум / В. І. Іўчанкаў // Беларуская мова і літаратура. – 2009. – № 11; 2010. – №№ 2, 4.

  7. Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс : Гісторыя і сучаснасць / В. І. Іўчанкаў// Беларускі гістарычны часопіс. – 2009. – № 7.

  8. Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс будзе рэгулявацца законам : урокі беларускага правапісу / В. І. Іўчанкаў // Настаўніцкая газета. – 2009. – №№ 121, 125, 128, 131, 134, 137, 141, 143, 146, 150, 154, 157, 160-161, 165-166; 2010. – №№ 3, 6, 11, 15, 18, 22, 25, 28, 31, 34, 37, 40, 43, 46, 49, 52 [публікацыя працягваецца].

  9. Iўчанкаў, В. Беларускi правапiс у апорных схемах / В. Iўчанкаў // Роднае слова. – 2010. – №№ 5 – 7 [публікацыя працягваецца].

  10. Іўчанкаў, В. І. Беларуская арфаграфія : Апавяданні і гісторыі / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : Пачатковая школа, 2010.

  11. Іўчанкаў, В. І. Беларускі правапіс у апорных схемах : Паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” / В. І. Іўчанкаў. – Мінск : Пачатковая школа, 2010.

  12. Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. / навук. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск : Беларус. навука, 2007. – Ч. 1. – 351 с.

  13. Кароткая граматыка беларускай мовы : у 2 ч. / навук. рэд. А. А. Лукашанец. – Мінск : Беларус. навука, 2009. – Ч. 2. – 240 с.

  14. Лукашанец, А. Вывучаем новыя правілы беларускага правапісу / А. Лукашанец, Л. Кунцэвіч, І. Кандраценя // Роднае слова. – 2009. – №№ 1 – 12; 2010. – №№ 1 – 4.

  15. Пішам па-беларуску : даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі / З. І. Бадзевіч [і інш.]. – Мінск : Аверсэв, 2010.

  16. Раманцэвіч, В. Слоўнікавыя практыкаванні як сродак навучання роднай мове : новая рэдакцыя правіл беларускага правапісу / В. Раманцэвіч, М. Прыгодзіч // Роднае слова. – 2010. – №№ 4, 6.

  17. Савіцкая, І. Беларускі правапіс : Дыдактычны матэрыял / І. Савіцкая // Роднае слова. – 2010. – № 6.


Слоўнік

Беларускі арфаграфічны слоўнік / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Л. П. Кунцэвіч, І. У. Кандраценя; пад рэд. А. А. Лукашанца. – Мінск : Беларус. навука, 2009. – 695 с.






Похожие:

Г. М. Валочка В. У. Зелянко iconГ. М. Валочка В. У. Зелянко
Міністэрствам адукацыі вызначаны пераходны перыяд па рэалізацыі палажэнняў Закона – 3 гады (з верасня 2010 г да жніўня 2013 г.)....
Г. М. Валочка В. У. Зелянко iconГ. М. Валочка, С. А. Язерская
Мэта факультатыўных заняткаў – павысіць увагу вучняў да асноўнай моўнай І маўленчай адзінкі – слова як асновы для стварэння тэксту,...
Разместите кнопку на своём сайте:
Документы


База данных защищена авторским правом ©lib2.podelise.ru 2000-2013
При копировании материала обязательно указание активной ссылки открытой для индексации.
обратиться к администрации
Документы