Т. У. Логінава Т. І. Мароз icon

Т. У. Логінава Т. І. Мароз



НазваниеТ. У. Логінава Т. І. Мароз
Дата конвертации21.09.2012
Размер112.16 Kb.
ТипДокументы
источник


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі


Т. У. Логінава

Т. І. Мароз


Таямніца паэзіі і загадка прозы


Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў па беларускай літаратуры

для VII класа агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання



Мінск 2010


Тлумачальная запіска

У VII класе працягваецца спасціжэнне сутнасці слоўнага мастацтва, спецыфічных законаў яго функцыянавання. Увядзенне ў свет мастацкай літаратуры адбываецца праз параўнальны разгляд двух асноўных відаў мастацкай творчасці – паэзіі і прозы. Вучні павінны ўбачыць не толькі знешнія, фармальныя адрозненні паэзіі і прозы, але і зразумець самае істотнае ў гэтых відах літаратурнай творчасці. У вучняў павінна быць сфарміравана ўяўленне пра характар паэтычных і празаічных твораў, іх уплывы на жыццё. Паэзія – гэта не толькі рытмічная мова, але і мастацкая творчасць, якая абуджае моцныя перажыванні і пачуцці, выклікае асаблівую настроенасць душы пры ўспрыманні з’яў навакольнай рэчаіснасці. Галоўнае ў прозе – стварэнне пэўнай карціны жыцця, дакладнае, але пры гэтым вобразнае апісанне жыццёвага факта ці эпізода.

Праграма факультатыўнага курса “Таямніца паэзіі і загадка прозы” прызначана для вучняў, якія захапляюцца мастацкім словам, адчуваюць яго адметнасць і прыгажосць, цікавяцца багаццем літаратурнай спадчыны. Факультатыўны курс “Таямніца паэзіі і загадка прозы” разам з урокамі беларускай літаратуры прызваны пашырыць матэрыял падручніка займальнай інфармацыяй, скіраваны на творча-практычнае замацаванне ведаў, уключэнне дзяцей у праектную і пошукавую дзейнасць, што дазволіць не толькі паспяхова арганізоўваць вучэбны працэс, але і будзе садзейнічаць развіццю эмацыянальнай сферы вучняў.

Прапанаваныя ў праграме творы дазваляюць фарміраваць у школьнікаў сістэму каштоўнасных адносін да жыцця, эстэтычныя ўяўленні, нацыянальную самасвядомасць, пашыраць мастацкі і агульнакультурны кругагляд, выхоўваць цікавасць да літаратуры як прадмета.

^ Мэта курса – пашырыць літаратурныя і культуралагічныя веды вучняў, развіваць іх эстэтычны густ і агульную культуру.

Вывучэнне прапанаванага курса мэтазгодна праводзіць комплексна: разгляд і замацаванне тэарэтычных ведаў спалучаць з сістэмай вучэбна-творчых заданняў. Засваенне тэарэчных паняццяў пажадана канкрэтызаваць праз іх дыферэнцыяцыю, удакладненне, выкарыстоўваць метад назірання і інш. Веданне літаратуразнаўчых паняццяў, тэрмінаў дапаможа вучням свабодна арыентавацца ў праграмным матэрыяле.

Другі тып заданняў непасрэдна звязаны з развіццём навыкаў успрымання і аналізу паэтычных і празаічных твораў у іх мастацкай своеасаблівасці, выпрацоўкай агульных падыходаў да вывучэння мастацкага твора: чытанне і абмеркаванне вершаваных і празаічных твораў; правядзенне гутарак з выкарыстаннем мультымедыйных сродкаў; супастаўленне твораў розных жанраў на адну і тую ж тэму і г. д.

Серыя творчых заданняў факультатыўнага курса, разлічаных на прымяненне літаратурных ведаў, дазволіць вучням паспрабаваць сябе ў якасці акцёра, рэжысёра, папрацаваць над тэкстам п’есы (байкі, прозы, лірычнага верша), падрыхтаваць аналіз твора, імправізацыю, эцюд, чытанне па асобах і г. д.

У вучэбнай праграме па беларускай літаратуры ў VII класе звяртаецца ўвага на тое, што “вывучэнне літаратуры на гэтай ступені адукацыі – выхаванне ўдумлівага, дасведчанага чытача, які разбіраецца ў асноўных вартасцях мастацкіх твораў, умее ацэньваць іх змест, інакш кажучы, мае добрае адчуванне і разуменне спецыфікі літаратуры, багаты чытацкі вопыт, уласны эстэтычны густ”. Факультатыўны курс дазваляе дасягнуць пасттаўленай мэты за кошт нетрадыцыйнага навучання: выкарыстання асобаснаарыентаваных, інфармацыйна-камунікатыўных, а таксама пошукавых тэхналогій навучання (практычныя метады – праектаў, Open Spase, case-stady, вучэбных гурткоў і інш.).

Такім чынам, матэрыял факультатыўных заняткаў скіраваны на фарміраванне літаратурнай кампетэнцыі (веданне тэарэтычных паняццяў, жанравай адметнасці твораў паэзіі і прозы, сродкаў мастацкай выразнасці і інш.) праз развіццё ключавых кампетэнцый вучня (уменне вучыцца, самастойна набываць веды – аналізаваць, супастаўляць, шукаць адказы на пастаўленыя пытанні).

^ Змест курса

(35 гадзін)

Асноўныя паняцці, тэрміны: мастацтва ў жыцці народа. Талент у мастацтве. Віды мастацтва. Літаратура – мастацтва слова. Паэма як жанр (пачатковае паняцце). Пейзаж і яго роля ў мастацкім творы. Асаблівасці паэтычных і празаічных твораў. Рытм і рыфма (пачатковыя паняцці). Выразнае чытанне мастацкіх твораў. Міміка. Паэзія як асаблівы від мастацткай літаратуры. Роля рытму ў паэтычных творах. Гукапіс. Вершаскладанне. Віды стопаў і памераў у вершах. Двухскладовыя і троскладовыя стопы (пачатковыя паняцці). Падтэкст у паэтычных творах. Мастацкая дэталь і яе роля ў апавядальных, празаічных творах. Аповед, апісанне, дыялог як спосабы раскрыцця зместу ў апавядальных творах. Віды апісанняў: інтэр’ер, пейзаж, партрэт. Проза як асаблівы тып мастацкай літаратурнай творчасці. Роля фантазіі пісьменніка. Паэтычная (лірычная) проза. Свабодны верш. Драма як род літаратуры, які прызначаны для сцэны. Інсцэніроўка. Структурныя элементы драмы і спектакля. Канфлікт (першапачатковае паняцце). Сцэнічная ўмоўнасць (развіццё паняцця).

І. Уводзіны. Мастацтва ў жыцці народа: дзве сястры – Паэзія і Проза

(2 гадзіны)

Разгляд асаблівасцей паэтычных і празаічных твораў з апорай на веды вучняў, атрыманыя ў папярэдніх класах. Вершаванае і празаічнае слова – магутны сродак уздзеяння на чалавека. “Усе віды мастацтва вучаць найвялікшаму з мастацтваў – мастацтву жыць на зямлі” (Б. Брэхт).

Тэма мастацтва і мастака ў вуснай народнай творчасці (казка “Музыка-чарадзей”), творчасці Янкі Купалы (паэма “Курган”) і Якуба Коласа (урывак з паэмы “Сымон-музыка”), М. Багдановіча (апавяданне “Музыка”), Г. Сянкевіча (апавяданне “Янка-музыка”).

^ Гутарка з вучнямі па праблемных пытаннях: “Для чаго людзі чытаюць кнігі?”, “Кніга толькі крыніца ведаў?”. Правядзенне літаратурнай віктарыны “З якога твора словы?”

Практычныя заняткі (6 гадзін, з іх 4 гадзіны распрацоўка праектаў, 2 гадзіны – іх абарона).

Выкарыстанне тэхналогіі “Open Spase” для вызначэння праблемнага поля і фарміравання творчых груп. Падрыхтоўка праектаў на тэмы “У вершаваным слове ўсё!”, “Вось яны лёсы людскія!” (на выбар вучняў). Работа па творчых групах або па жаданні вучняў індывідуальная з выкарыстаннем праграмных твораў (супастаўленне верша Якуба Коласа “Ручэй” і апавядання Т. Хадкевіча “Крынічка”; апавядання В. Быкава “Незагойная рана” і верша В. Зуёнка “З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…” і інш.)

Абсталяванне: “Вытокі”. Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 6 класе. ШБ (уклад. М. Лазарук, Т. Логінава, А. Сігаева). Кнігі беларускіх пісьменнікаў. Мультымедыяпраектар, ноутбук, СD-прайгравальнік, музычныя запісы.

ІІ. Таямніца паэзіі

(4 гадзіны)

Паэзія як асаблівы від мастацткай літаратуры.

Фарміраванне цікавасці вучняў да паэзіі, пашырэнне іх ведаў пра разнастайнасць тэматыкі паэтычных твораў(на матэрыяле праграмных). У паэтычным кантэксце слова набывае асаблівую выразнасць, становіцца ёмістым, сціслым, канцэнтраваным, шматзначным.

Роля паэзіі ў жыцці чалавека. Паэзія выконвае шэраг функцый: эстэтычную (задавальняе патрэбу чалавека ў прыгожым, выклікае перажыванне, фарміруе густ і ідэал); выхаваўчую (удзельнічае ў грамадстка-палітычным і маральна-этычным выхаванні чалавека, дапамагае фарміраваць светапогляд); пазнавальную (фіксуе найтанчэйшыя душэўныя зрухі); камунікатыўную (наладжвае духоўныя кантакты паміж паэтам і чытачом).

^ Практычныя заняткі (2 гадзіны).

На практычных занятках настаўнік павінен развіваць творчыя здольнасці і слоўнікавы запас вучняў пры абмеркаванні пытанняў. Творчыя выказванні дзяцей на тэмы: “Усялякая паэзія ёсць выражэнне душэўнага стану” (А. Бергсан); “Паэзія – як жывапіс: адзін твор уражвае цябе болей, калі ты будзеш разглядаць яго паблізу, а другі – калі адыдзеш падалей” (Гарацый); “Крыніца ўсялякай паэзіі – глыбокае адчуванне невыразнага”(Ж. Арэа).

Абсталяванне: зборнікі вершаў беларускіх паэтаў М. Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і інш. (на выбар настаўніка), выказванні пра паэта, паэзію. Мультымедыяпраектар, ноутбук, СD-прайгравальнік, музычныя запісы.

ІІІ. Сродкі мастацкай выразнасці – “адзенне” паэтычнага слова

(4 гадзіны)

Роля рытму ў паэтычных творах. Гукапіс. Вершаскладанне. Віды стопаў і памераў у вершах. Двухскладовыя і троскладовыя стопы (пачатковыя паняцці). Падтэкст у паэтычных творах.

“Тварэнне, домысел і перайманне ёсць душа паэзіі, але верш ёсць мова яе. Паэзія ёсць унутранае ў тых трох, а верш толькі вонкавае” (В. Традзьякоўскі).

Разгляд сродкаў мастацкай выразнасці, рытміка-інтанацыйнага малюнка вершаў “Паэзія” В. Шніпа і Л. Галубовіча; “Маёвая песня” М. Багдановіча і “Матылёк” Р. Барадуліна; “Роднае слова” Д. Бічэль, “Мы – беларусы” Р. Барадуліна, “Рэквіем па кожным чацвёртым” А. Вярцінскага, “Хлеб-соль” С. Гаўрусёва, “Радзіме” А. Лойкі, “Хатынь” С. Законнікава і інш. Лінгвістычны аналіз вершаванага тэксту.

^ Практычныя заняткі (2 гадзіны).

Выразнае чытанне вершаў вучнямі. Стварэнне case-stady на тэму “Паэзія пачалася з песні…”.

Народныя песні валодаюць магічнымі чарамі эмацыянальнага ўздзеяння, бо яны, паводле выказвання В. Брусава, “абточаныя акіянам народнай душы”. Беларускі паэт і даследчык фальклору Ніл Гілевіч пісаў пра значэнне песеннай творчасці народа для развіцця сучаснай паэзіі: “Бясспрэчна, што паэзія нашых дзён усё больш смела выходзіць на плённы шлях ... выкарыстання прынцыпаў рыфмоўкі, дасканала распрацаваных у фальклоры. Вялікія магчымасці адкрываюцца перад ёю ў гэтым кірунку. Таму і лічым, што наша запрашэнне бліжэй заглянуць у паэтычную майстэрню народа – гэта арыентацыя не назад, у мінулае, а наперад, у будучае. Якімі шляхамі ў творчасці лепш ісці – народная паэзія падкажа нам яшчэ не аднойчы”.

Абсталяванне: “Вытокі”. Хрэстаматыя для пазакласнага чытання ў 6 класе. ШБ (уклад. М. Лазарук, Т. Логінава, А. Сігаева). Беларускі фальклор: Хрэстаматыя: Вучэбны дапаможнік / Склад. К. П. Кабашнікаў і інш. Мультымедыяпраектар, ноутбук, СD-прайгравальнік, музычныя запісы фальклорных песень.

ІV. Загадка прозы: пошукі ісціны

(4 гадзіны)

Фарміраванне “асобаснага сэнсу” вучняў пры абмеркаванні праблемных пытанняў: “Ці можа празаічны твор дапамагчы чалавеку ў складаных жыццёвых абставінах?”, «Чаму М. Горкі назваў літаратуру “чалавеказнаўствам”»? Тэматычная разнастайнасць празаічных твораў. Выразнае чытанне ўрыўкаў з твораў “На каляды к сыну” Змітрака Бядулі, “Сірочы хлеб” Янкі Брыля, “Жуль Верн” І. Навуменкі, “Горкі ліпавы мёд” А. Васілевіч і інш.

^ Практычныя заняткі (2 гадзіны).

Падбор прыкладаў з літаратурных твораў пра фарміраванне маральных якасцей асобы (на матэрыяле праграмных твораў). Праца ў групах. Літаратурная віктарына “Пазнай героя”.

Абсталяванне: Мультымедыяпраектар, ноутбук.

V. Пісьменнік – мастак слова

(2гадзіны)

Мастацкая дэталь і яе роля ў апавядальных, празаічных творах. Аповед, апісанне, дыялог як спосабы раскрыцця зместу ў апавядальных творах. Віды апісанняў: інтэр’ер, пейзаж, партрэт. Проза як асаблівы тып мастацкай літаратурнай творчасці. Роля фантазіі пісьменніка. Паэтычная (лірычная) проза. Свабодны верш.

^ Праца з творамі “Думкі ў дарозе” Якуба Коласа або “Шчасце не ў золаце” Змітрака Бядулі.

Практычныя заняткі (2 гадзіны).

Семінар-практыкум. Праца творчых лабараторый: 1.“Роля апісанняў у мастацкіх творах”; 2. “Фантазія пісьменніка”; 3. “Лірычная проза і свабодны верш”.

Абсталяванне: Мультымедыяпраектар, ноутбук.

^ VI. Сцэна – другі дом: сцэнічнае жыццё літаратурных твораў

(2 гадзіны)

Драма як род літаратуры, які празначаны для сцэны. Інсцэніроўка. Структурныя элементы драмы і спектакля. Канфлікт (першапачатковае паняцце). Сцэнічная ўмоўнасць (развіццё паняцця).

^ Практычныя заняткі (3 гадзіны).

Работа творчых груп. Ролевыя гульні: рэжысёр, мастак, акцёр. Падрыхтоўка сцэнарыя і інсцэніроўка праграмнага твора (урыўкаў).

Абсталяванне: Мультымедыяпраектар, ноутбук, СD-прайгравальнік.


^ Прагназуемыя вынікі вывучэння факультатыўнага курса “Таямніца паэзіі і загадка прозы”.

Вучні павінны в е д а ц ь:

• тэксты вывучаемых літаратурных твораў;

• асаблівасці паэтычных і празаічных твораў, вершаванай і празаічнай мовы;

• тэарэтычныя паняцці, акрэсленыя праграмай;

Вучні павінны ў м е ц ь:

• супастаўляць блізкія па тэме паэтычныя і празаічныя творы і вызначаць іх асаблівасці ў паказе жыцця;

• адрозніваць вершаваныя памеры;

• вызначаць у тэксце ролю выяўленчых сродкаў мовы;

• знаходзіць у літаратурных творах лагічна закончаныя часткі;

• знаходзіць адрозненне і падабенства пры параўнальнай характарыстыцы двух герояў розных твораў;

• умець параўноўваць літаратурныя творы з творамі жывапісу, музыкі, тэатра і інш.;

• выконваць творчыя заданні (інсцэніроўкі, даклады, паведамленні);

• выкарыстоўваць набытыя веды і ўменні ў практычнай дзейнасці і паўсядзённым жыцці для:

1) выбару шляхоў свайго культурнага развіцця;

2) выражэння ўласнага меркавання аб літаратурных творах, іх сцэнічным увасабленні;

3) самастойнай мастацкай творчасці.


Літаратура

1. Бальбуров, Э. А. Поэтика лирической прозы.1960 – 1970-е годы / Э. А. Бальбуров. – Новосибирск, 1985.

2. Бахтин, М. Эстетика словесного творчества / М. Бахтн. – 2-е изд. – М. : Искусство, 1979.

3. Белецкий А, И. В мастерской художника слова / А. И. Белецкий. – М. : Высш. шк., 1989.

4. Бельскі, А. І. Жывая мова краявідаў : Пейзаж у беларускай паэзіі / А. І. Бельскі. – Мінск, 1997.

5. Бельскі, А. Свет ад травы да зор : Беларуская паэзія : сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу / А. Бельскі. – Мінск, 1998.

6. Бярозкін, Р. Кніга пра паэзію / Р. Бярозкін – Мінск : Маст. літ., 1974.

7. Волков, Ф. И. Литература как вид творчества / Ф. И. Волков. – М. : Просвещение, 1985.

8. Дасаева, Т. М. Паэтыка лірызму ў беларускай прозе / Т. М. Дасаева. – Мінск, 1982.

9. Дзюбайла, П. К. У пошуках духоўных каштоўнасцей : Беларуская проза сёння / П. К. Дзюбайла. – Мінск, 1987.

10. Дзюбайла, П. К. Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе / П. К. Дзюбайла. – Мінск, 1973.

11. Дрыжакова, Е. В. В волшебном мире поэзии / Е. В. Дрыжакова. – М. : Наука, 1978.

12. Куляшоў, Ф. Эцюды аб прозе / Ф. Куляшоў. – Мінск, 1964.

13. Лазарук, М. А. Навучанне і выхаванне творчасцю / М. А. Лазарук – Мінск : Нар. асвета, 1994.

14. Маслова, В. А. Филологический анализ художественного текста : учеб. пособие / В. А. Маслова – Мінск : Універсітэцкае, 2000.

15. Медведев, В. П. Изучение лирики в школе / В. П. Медведев. – М. : Просвещение, 1985.

16. Рагойша, В. П. Паэтычны слоўнік / В. П. Рагойша. – 2-е выд. – Мінск : Выш. шк., 1987.

17. Рагойша, В. П. Гутаркі пра верш : Метрыка. Рытміка. Фоніка / В. П. Рагойша. – Мінск : Нар. асвета, 1979.

18. Ралько, І. Д. Верш і мова / І. Д. Ралько – Мінск : Навука і тэхніка, 1986.

19. Руцкая, А. Пазакласная праца па беларускай літаратуры : дапам. для настаўнікаў / А. Руцкая. – Мінск : Маст. літ., 2000.

20. Смыкоўская, В. Творчая канцэпцыя пісьменніка / В. Смыкоўская. – Мінск, 1976.

21. Яскевіч, А. Грані майстэрства / А. Яскевіч. – Мінск, 1974.



Гілевіч, Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі / Н. С. Гілевіч. – Мінск, 1975. – С. 283 – 284.





Разместите кнопку на своём сайте:
Документы


База данных защищена авторским правом ©lib2.podelise.ru 2000-2013
При копировании материала обязательно указание активной ссылки открытой для индексации.
обратиться к администрации
Документы