Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч icon

Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч



НазваниеДуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч
Дата конвертации19.10.2012
Размер28.16 Kb.
ТипДокументы
источник




Дуж-Душэўскі Клаўдзій Сцяпанавіч

беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

Нарадзіўся ў мястэчку Глыбокае Дзісненскага павета Віленскай губерні ў сям'і збяднелых шляхцічаў 27 сакавіка

(паводле іншых звестак 26 красавіка) 1891 года.


І дзед, і бацька Клаўдзія Сцяпанавіча былі прафесійнымі будаўнікамі. Яны здолелі прывіць хлопчыку павагу і любоў да гэтай прафесіі. Ужо ў старэйшых класах Клаўдзію даручалі кіраваць невялікімі будаўнічымі работамі і нават рабіць уласныя праекты. Тады хлопец цвёрда вырашыў, што яго жыццёвае прызначэнне - архітэктура.


Аднак каб стаць сапраўдным архітэктарам, неабходна было атрымаць адпаведную адукацыю. І таму, дасягнуўшы адпаведнага ўзросту, Дуж-Душэўскі едзе ў Вільню і паступае ў рэальнае вучылішча, дзе ён паглыблена вывучае прыродазнаўчыя і фізіка-матэматычныя дысцыпліны. Менавіта тут малады чалавек пазнаёміўся са шматлікімі беларускімі палітычнымі і культурнымі дзеячамі, сярод якіх быў і яго зямляк Вацлаў Ластоўскі. У далейшым яны склалі выдатны дуэт і шмат чаго дасягнулі на ніве палітыкі і культуры.


Пасля заканчэння рэальнага вучылішча Дуж-Душэўскі працягвае навучанне і паступае ў Пецярбургскі горны інстытут. Менавіта падчас навучання ў сталіцы імперыі Клаўдзій Сцяпанавіч выяўляе сябе як выдатны культурны дзеяч: з'яўляецца членам Беларускага навукова-літаратурнага кружка, распрацоўвае тэму вывучэння і аховы гістарычных помнікаў, сумесна з членамі кружка выдае часопіс "Раніца". Спрабаваў сябе і ў тэатры: у студэнцкай пастаноўцы купалаўскай "Паўлінкі" бліскуча выканаў ролю Сцяпана Крыніцкага.

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 пачынае больш актыўна займацца палітыкай. Ён уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ), у чэрвені 1917 года стаў членам ЦК грамады і яе прэзідыума.

Увосень 1919 года Дуж-Душэўскі становіцца дыпламатычным прадстаўніком БНР у краінах Прыбалтыкі. Адначасова выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 года быў арыштаваны польскімі ўладамі.

Пасля вызвалення з-за кратаў, дзе прабыў некалькі месяцаў, Клаўдзій Сцяпанавіч разам з сям'ёй перабіраецца ў Каўнас, на той час сталіцу Літвы, якая стала для яго другой Радзімай.

Тут наш зямляк працягвае літаратурную дзейнасць: у чэрвені 1923 года сумесна з Вацлавам Ластоўскім пачынае выдаваць часопіс "Крывіч”.

Дзякуючы веданню моў (украінская, польская, літоўская, нямецкая, французская, англійская і партугальская), ён перакладаў падручнікі па батаніцы, матэматыцы і гісторыі для беларускіх школ, разам з Ластоўскім склаў слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў.

Менавіта на літоўскай зямлі Дуж-Душэўскі праявіў сябе як адораны архітэктар. Перад ім стаяла пытанне працягу адукацыі, перарванай рэвалюцыяй, і наш зямляк паступае на тэхналагічны факультэт Літоўскага ўніверсітэта, які паспяхова заканчвае ў 1927 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера-будаўніка.

Сёння можна ўпэунена сказаць, што Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі, разам з іншымі архітэктарамі, што працавалі ў Літве ў 30-х гадах 20 стагоддзя, стаяў у вытокаў архітэктурнага стылю, які атрымаў назву "Каўнаскі мадэрнізм".

Сёння цяжка знайсці ўсе будынкі, якія былі спраектаваныя нашым земляком, бо пад страхам рэпрэсій ён знішчыў свой асабісты архіў, які мог бы праліць святло на шматлікія пытанні.

Мірнай працы Клаўдзія Сцяпанавіча на літоўскай зямлі перашкаджае вайна. Цікава, што акупанты, пазнаўшы пра яго багаты палітычны вопыт, прапанавалі Душэўскаму супрацоўніцтва, аднак той адмовіўся. Неўзабаве і сам патрапіў у канцлагер за тое, што дапамагаў мясцовым яўрэям.

Вызваленне Літвы ад нямецкай акупацыі прынесла асабістую волю і Клаўдзію Сцяпанавічу, аднак ненадоўга - ужо ў 1946 годзе ён зноў арыштаваны савецкімі ўладамі. Потым былі яшчэ адзін арышт, суд і прысуд да 25 год зняволення з канфіскацыяй маёмасці, скарачэнне тэрміна да 10 гадоў, датэрміновае вызваленне з турмы па стану здароўя ў 1955 годзе.

Памёр Клаўдзій Сцяпанавіч Дуж-Душэўскі 25 лютага 1959 года ў Каўнасе, пахаваны там жа на Петрушанскіх могілках.




Разместите кнопку на своём сайте:
Документы


База данных защищена авторским правом ©lib2.podelise.ru 2000-2013
При копировании материала обязательно указание активной ссылки открытой для индексации.
обратиться к администрации
Документы